Cучасная адукацыйная платформа
для медыяспецыялістаў

«Стварэнне свету»: падчас спектаклю і рэпетыцый

10 Окт 2020

Выпускнік курса «Фотагісторыя» Аляксей Казнадзей у 12 тысячах здымкаў занатаваў падрыхтоўку і прэм’еру знакамітага спектакля Валянціна Елізар’ева.

Разам з 300-ым паказам у Вялікім тэатры Беларусі балета «Стварэнне свету», пастаўленага Валянцінам Елізар’евым у 1976-м і праз 43 гады адноўленага ў новай аўтарскай рэдакцыі, прайшла прэзентацыя аднайменнага фотаальбома Аляксея Казнадзея.

Рыхтуючы выданне, фотамастак зрабіў больш як 12 тысяч здымкаў, дзе занатавана падрыхтоўка і прэм’ера елізар’еўскай версіі 2019 года.

 height=

Аляксей Казнадзей — выпускнік аўтарскага курса Сяргея Балая «Фотагісторыя», які ладзіла ў студзені-лютым 2020 года Установа «Цэнтр падрыхтоўкі медыяспецыялістаў «Медыятрэнер».

Апроч фота Алякею належаць ідэя, дызайн, вёрстка. У альбоме больш за дзвесце квадратных старонак, дзе трыста міліметраў з кожнага боку становяцца быццам сімвалічнай згадкай пра трохсоты спектакль.

«Вока фотааб’ектыва засяроджваецца не толькі на балетмайстры і салістах, — адзначае Надзея Бунцэвіч, аўтар рэцэнзіі ў газеце «Культура». — У поле зроку багата трапляе кардэбалет — і як агульная маса, і як асобныя індывідуальныя рысы таго ці іншага з артыстаў. Зняты нават працэс манціроўкі сцэны, усталявання дэкарацый — і так да канца спектакля з фінальнымі паклонамі: паводле паслядоўнасці сцэн балета, кожная з якіх становіцца новым раздзелам: ад «Хаосу» да «Адраджэння» (вядома, адбіраць здымкі дапамагаў В.Елізар’еў). І гэта дае дадатковае разуменне спектакля. Невыпадкова здымкі не падпісаны, як гэта бывае «паводле традыцыі»: нідзе не пазначаны ні іх назвы, ні імёны тых, хто патрапіў у кадр. Але гэта не «обезличивание» герояў: апошнія старонкі выдання ўтрымліваюць поўны пералік усіх занятых у балеце складаў з маленькімі партрэтнымі выявамі салістаў, каб пры неабходнасці можна было «правесці ідэнтыфікацыю». А галоўнае — нанова перажыць увесь спектакль (ці далучыцца да яго ўпершыню), але адразу — з мноствам філасофскіх, псіхалагічных, мастацкіх падрабязнасцяў, што яшчэ больш глыбока раскрываюць сэнс стварэння свету і зямнога быцця».

Фотаздымак з альбома “Стварэнне свету”

Гэта ўжо трэці альбом Аляксея з серыі «Імгненні Валянціна Елізар’ева»: першым быў « Спартак», што выйшаў тры гады таму, праз год пасля яго — « Рамэа і Джульета». У дзяцінстве Аляксей займаўся ў тэатральнай студыі, а рабіць здымкі ў Вялікім тэатры пачаў, патрапіўшы неяк на Навагодні баль.

«Я бачыла балет незлічоную колькасць разоў, пачынаючы з прэм’еры 1970-х. І «жыўцом», прычым з розных ракурсаў, з рознымі складамі, і ў тэлезапісах. Штораз адкрывала ў ім штосьці новае. Але колькасць «маленькіх адкрыццяў», зробленых праз альбом, папросту зашкальвае, — прызнае Надзея Бунэцвіч. — Бо працэсуальнае, часавае мастацтва, дзе «ўсё цячэ, усё змяняецца», паўстае ў спыненых імгненнях. І становіцца яшчэ больш «скульптурным», бо дазваляе многія рэчы ўбачыць не адно франтальна, а з розных бакоў, літаральна «абыйсці вакол», як скульптуру ў цэнтры музейнай залы. Невыпадкова так часта выкарыстоўваюцца люстэркавыя адбіткі: не таму, што балетная зала ўтрымлівае абавязковыя люстэркі, а з-за магчымасці ўбачыць іншы бок, часам супрацьлеглы па сэнсу. Да таго ж, увага аддадзена і асобным дэталям сцэнаграфіі, часам нябачным ці папросту незаўважным з залы, дзе мы імкнемся «ўхапіць» найперш сцэнічную дзею».

На адным з чорна-белых здымкаў, што зроблены са сцэны, — пражэктар успрымаецца сонцам. А цень ззаду артыста дазваляе нафантазіраваць што заўгодна — і найперш класічны стан «на ростанях», на скрыжаванні ўсіх дарог. Якую абраць? Ці рушыць іншай — да сонца?

«Кранальныя рукі, дапытлівыя вочы часам становяцца самастойнымі «персанажамі». Уся музычнасць харэаграфіі — у двух здымках, змешчаных побач. Наш погляд слізгае злева направа — і рукі дырыжора Вячаслава Чарнухі-Воліча літаральна даюць імпульс балетнаму руху. Ногі кардэбалета, знятыя з пэўнага ракурсу, нагадваюць урбаністычны відарыс з хмарачосамі. А колькі розных выяваў крылаў, што нараджаюцца з рук ці ног? Іх прыкмеціў фатограф — і перадаў сваё бачанне нам, — піша аўтар рэцэнзіі. — Глядзіш альбом — і пачынаеш шкадаваць, што такая традыцыя як мага больш падрабязна і рознабакова фіксаваць імгненні рэпетыцый з’явілася толькі цяпер. Узнікае неадольнае жаданне знайсці машыну часу і перанесціся ў тыя часы, калі ставілася першая елізар’еўская версія «Стварэння свету» і іншых балетаў. Колькі новага можна было б заўважыць!»

Цалкам тэкст чытайце тут.